Курсовая работа "Беларуская літаратура перыяду барока"

Название:
Беларуская літаратура перыяду барока
Тип работы:
курсовая работа
Размер:
50.1 КБ
58
Скачать

На першым этапе пераходнага перыяду вядучым мастацкім напрамкам (стылем) шматмоўнай літаратуры Беларусі ў цэлым і беларускай літаратуры ў прыватнасці з'явілася барока, якое спалучыла ў сабе рэнесансавыя і сярэдневяковыя традыцыі. У адрозненне ад Рэнесансу прадстаўнікі гэтага напрамку апелявалі не да розуму, а да пачуццяў чалавека, яго веры ў звышнатуральныя сілы. Для твораў барока характэрны шматзначнасць, метафарычнасць, кантрастнасць, парадаксальнасць, сумяшчэнне несумяшчальнага (узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Перавага аддавалася вонкавай форме, якая рабілася ўсё больш ускладнёнай і вычварвай.

Як і еўрапейскае, беларускае барока было цесна звязана са схаластычнымі ідэямі Контррэфармацыі. Тэарэтыкі новага напрамку сцвярджалі, што прыгожае не ўласціва аб'ектыўнай рэчаіснасці — яно існуе толькі ў душы творцы. Ад аўтара патрабавалася, каб ён ствараў "знакі", "іерогліфы" навакольнага свету, не "апускаўся" да "капіравання" яго ў вобразах, якія мелі б цесную сувязь з рэальнасцю. У адрозненне ад рэнесансавай літаратуры, якая паказвала чалавека цэльным і паслядоўным, герой барочнай літаратуры ўнутрана раздвоены і супярэчлівы. Містыка ў яго бярэ верх над розумам, анархізм — над пачуццём абавязку і грамадзянскасцю, песімізм — над верай у будучыню.

Аднак як мастацкае светаўспрыманне барока значна шырэй, чым ідэалогія Контррэфармацыі. Для барока не былі чужыя таксама гуманістычныя, асветніцкія тэндэнцыі (Сімяон Полацкі). Яно сінтэзавала кніжныя (сярэдневяковыя і рэнесансавыя) з народнымі, фальклорнымі традыцыямі (песенна-інтымная лірыка, інтэрмедыі да школьных драм). Дзякуючы таму што эстэтыка барока не была строга нарматыўнай, у кожнай краіне творы барока набывалі нацыянальную адметнасць. Своеасаблівасцю беларускага барока было, напрыклад, тое, што яно развівалася на скрыжаванні ўсходніх і заходнееўрапейскіх уплываў, на "паграніччы" праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў.